КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.

Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.

Кавальскі інструмент для ручной коўкі: 1 — кувалда; 2 — барадок; 3 — кавадла; 4 — ручнік; 5 — зубіла; 6 — малаток; 7 — сякера па метале; 8 — абціскачка; 9 — падбойнік; 10 — клешчы.
Кавальскі інструмент для машыннай коўкі: 1, 2, 3 — плоскія, выразныя і закругленыя байкі; 4 — абціскачка; 5 — пераціскачка; 6 — патрон; 7 — раскаткі.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)